Пасляваеннае развіццё Плешчаніц у многім звязана з буйнейшым у гэтым пасёлку прадпрыемствам – былым торфапрадпрыемствам «Чысцік». Першую прадукцыю – фрэзерны торф тут пачалі выпускаць у 1959 г. Адгрузка прадукцыі да Смалявіцкай ДРЭС ажыццяўлялася па вузкакалейнай чыгунцы працягласцю 117 км. Торфапрадпрыемства было забяспечана навейшай тэхнікай. Для задавальнення патрэб насельніцтва ў паліве быў пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю паўбрыкетны цэх на 2 прэсы з гадавой магутнасцю 20 тыс. т. У 1964 г. цэх павялічыў магутнасць да 48 тыс. т паўбрыкету. Вялікую дапамогу аказваў «Чысцік» калгасам і саўгасам раёна. Сельская гаспадарка штогод атрымлівала ад прадпрыемства каля 65 тыс. т торфабрыкетных угнаенняў і 120 тыс. т фрэзернага торфу для подсцілу жывёлагадоўчых памяшканняў і нарыхтоўкі кампостаў. З 1974 г. тагачасны «Чысцік» пачаў супрацоўнічаць з мінскім заводам «Тэрмапласт». Было завезена 120 адзінак станочнага абсталявання, прызначанага для прэсавання і ліцця пластмасавых дэталяў; абсталяваны таксама ўчастак зборкі асобных нескладаных вузлоў для тэлевізараў.
Калі ж «Чысцік» вычарпаў свае магчымасці па прамысловай торфаздабычы, паўстала пытанне аб перадачы прадпрыемства ў сістэму Мінрадыёпрама СССР. Завод, які атрымаў назву «Кобальт», стаў структурнай адзінкай навукова-вытворчага аб’яднання «Спектр» і пачаў выконваць заказы па вырабу спецыяльнага абсталявання для сістэмы заводаў гэтага міністэрства, укараняць новыя навуковыя распрацоўкі. На працягу трох гадоў быў закончаны і ўведзены ў дзеянне будынак польскага модуля плошчай 3 тыс. м2, набыта і ўстаноўлена 80 адзінак металаапрацоўчага абсталявання. За той жа час праведзена рэканструкцыя будынкаў зборачнага і радыёмантажнага цэхаў.
Да сярэдзіны 1990-х гадоў прадпрыемства ўвайшло ў падпарадкаванне Міністэрства прамысловасці рэспублікі. Завод узяў накірунак на выпуск турбінных расходаметраў для ўліку розных вадкасцяў. Тут пачалі вырабляць цеплалічыльнікі «Віхр-Т» і расходаметры “Віхр-Р”.
Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. – С. 104-105 {jlvkcomments-off}