13 лістапада (пятніца) ў 14.00 у сярэдняй школе №2 г.п. Плешчаніцы пачнецца творчая сустрэча з беларускім паэтам, літаратуразнаўцам, доктарам філалагічных навук, намеснікам дырэктара Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі Валерыем Аляксандравічам Максімовічам. Нагадаем, што  Валерый Максімовіч нарадзіўся ў вёсцы Траянец Лагойскага (у той час яшчэ - Плешчаніцкага) раёна, скончыў Бялянскую пачатковую і Завішынскую сярэднюю школу. З нагоды маючай адбыцца творчай сустрэчы карэспандэнт сайта Плешчаніцы.by узяў у Валерыя Аляксандравіча інтэрв'ю, якое і прапануем нашым чытачам.

 

Валерый  Максімовіч: “Родная зямля – надзейны мой абярог…”

Гутарка з паэтам, літаратуразнаўцам, доктарам філалагічных навук, в.а. намесніка дырэктара Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі Максімовічам Валерыем Аляксандравічам 

 

 

 

 

 Валерый Аляксандравіч Максімовіч

 

 

У.Акуліч: Валерый Аляксандравіч, знаёмячыся з Вашай біяграфіяй, натуральна ўзнікае пытанне: чаму Вы так позна пачалі пісаць вершы?

 

В.Максімовіч: Мне часта задаюць гэта пытанне. Адразу адкажу, што гэта далёка не так. Пісаць вершы я пачаў з гадоў дванаццаці. У мяне захаваліся два рукапісныя сшыткі з маімі пробамі пяра: першы з іх складаюць вершы, напісаныя ў 5 – 6 класах, а другі датуецца 1975 ­– 1883 гг. Тэматычны рэпертуар напісанага дастаткова шырокі – ад вершаў на тэму Радзімы, прыроды, вайны да твораў інтымнай скіраванасці. Большасць вершаў напісаны на рускай мове. Як і кожнаму пачынаючаму паэту, мне вельмі хацелася, каб мае вершы былі надрукаванымі. Некаторыя з іх у свой час я  пасылаў у газеты “Піянер Беларусі”, “Зорька”, пасля ў “Знамя юности”, у тагачасную раённую газету “Ленінскі шлях”, але, на жаль, маім дзіцячым, а пасля і недзіцячым марам не суджана было спраўдзіцца. Адказы на пасланыя лісты прыблізна былі такімі: “Вашы вершы нам вельмі спадабаліся. Пакідаем іх у рэдакцыйным запасе. Чакаем ад Вас новых пісем”. Але далей дзяжурнага абнадзейвання справа не рухалася.

 

У.А.: Хто ў школьныя гады быў Вашым любімым паэтам?

 

В.М.: У сёмым класе я ўпершыню пазнаёміўся з паэзіяй Сяргея Ясеніна. Выразна і сёння памятаю той дзень. Вершы выдатнага рускага паэта мяне працялі да глыбіні душы. Рэакцыя мая на іх была проста незвычайная, калі не сказаць надзвычайная: чытаючы іх, я не проста плакаў, а рыдаў горкімі слязьмі. Маці з сястрой не на жарт перапудзіліся, падумаўшы, што я плачу ад нясцерпнага фізічнага болю. А я плакаў ад зусім іншага. Такога магутнага эмацыйнага ўсплеску, выбуху ад прачытанага я не перажываў больш ніколі. Таму менавіта гэты момант моцна ўрэзаўся ў памяць. Пазней мне давялося прачытаць шмат паэтычных твораў, я грунтоўна пазнаёміўся з творчасцю многіх выбітных паэтаў свету, асабліва падчас вучобы на філалагічным факультэце БДУ, але больш блізкага мне па духу рускамоўнага паэта, чым С.Ясенін, бадай, назваць не магу. Можна сказаць, што С.Ясенін застаўся маёй першай і адзінай любоўю на ўсё жыццё.

 

У.А. Але ж мы ведаем і біблейскі выраз: не ствары сабе куміра. Аўтарытэт Сяргея Ясеніна нейкім чынам уплывае на Вас як на паэта?

 

В.М. Мне кажуць, што я ў многім наследую Ясеніну. Скажу адкрыта: я не імкнуся свядома пераймаць ясенінскую манеру, стыль, мелодыку верша. Калі і назіраецца часам пэўнае перагукванне, падабенства, то гэта можна вытлумачыць хутчэй нейкімі ўнутранымі, падсвядомаснымі механізмамі, магчыма нават ментальным падабенствам успрымання свету. Я не падладжваюся пад кагосьці наўмысна, знарок, а стараюся пісаць так, як дыхаю, як пражываю пэўныя моманты жыцця, як адчуваю, усведамляю, з якім болевым напружаннем рэагую, умоўна кажучы, на знешнія раздражняльнікі. Цяжка меркаваць, у якой ступені адэкватнасці і арыгінальнасці мне ўдаецца гэта зрабіць на выхадзе, у створаным тэксце, але я імкнуся ў працэсе пісання як мага найпаўней і найглыбей перадаць нябачныя зрухі душы, узнавіць з мажлівай мастацкай дакладнасцю і пераканальнасцю сваё ўнутранае перажыванне.

 

У.А. Вашы вершы па сваёй інтанацыйна-зместавай скіраванасці маюць адметную прасветла-сумную ці, крыху па-іншаму кажучы, журботна-светлую ауру. Адкуль такое шчымліва-кранальнае пачуццё?

 

В.М. Так ужо, відаць, небам прадвырашана, што ў мой паэтычны аб’ектыў трапляюць самыя балючыя, самыя хвалюючыя, яркія імгненні жыцця – тое, што глыбока вярэдзіць душу, закранае самае інтымнае, асобаснае. Ды і па сваёй натуры я чалавек эмацыянальны, уражлівы, жыва рэагуючы на несправядлівасць, подласць, гнюснасць. Мне  хочацца, каб людзі любілі жыццё, цанілі кожнае пражытае імгненне, памятаючы пра тое, што мы не вечныя на гэтай зямлі. Давайце разам тварыць дабро і прыгажосць вакол сябе – і свет стане лепшым і святлейшым. Такое маё паэтычнае і жыццёвае крэда.

 

У.А.: Што для Вас значыць лірычнае самавыказванне?

 

В.М.: Лірычны самавыказванне ў паэзіі, паверце, не такая ўжо і простая рэч. Яно таксама патрабуе ахвяры – і немалой. Ведаю адно: удача можа быць там, дзе ёсць самаспапяленне, дзе ёсць непадробнае, нефальшывае пачуццё, эмоцыя, перажыванне. Глыбока перакананы: толькі жывое можа нарадзіць жывое, жыццядайнае. І не можа кранаць тое, у чым няма жывінкі, што не асвечана іскрай дабрыні, шчырасці, адкрытасці. Зрэшты, у кожнага – свой болевы парог, сваё разуменне паэзіі, свая манера самавыяўлення, самаспавядальнасці.

 

У.А. Ці лёгка Вам даецца пісаць вершы?

 

В.М. Пры ўсім пры тым, асабіста мне пісаць заўсёды цяжка, бо сам працэс вершатварэння патрабуе шмат высілкаў, найперш духоўных. А ўнутрана выдаткаванае, затрачанае не так хутка ўзнавіць, папоўніць. Ды, зрэшты, ёсць безліч іншых прычын і акалічнасцей, якія далёка не спрыяюць творчасці. Вельмі крыўдна і балюча, што шмат сіл і намаганняў ідзе на пераадоленне штучна створаных перашкод, звычайнай жыццёвай руціны. І так мала застаецца часу на заглыблены роздум, на суразмоўе – з прыродай, космасам, самім сабой…

 

У.А.: Хто з беларускіх паэтаў  бліжэй Вам па светаадчуванні?

 

В.М.: З беларускіх паэтаў па характары светаадчування, па агульнай танальнасці твораў, па іх прасветла-сумнай настраёвасці, невыказнай шчымлівасці мне блізкароднасны Максім Багдановіч. Гэта Паэт, які імкнуўся да спасціжэння таямніцы Красы, Хараства, гармоніі, услаўляў самакаштоўнасць зямнога быцця, радасць жыцця на зямлі, радасць існавання ў свеце. Відаць, вышэйшай мэты ў паэзіі няма. І да ўсведамлення гэтага варта імкнуцца кожнаму з нас. Духоўнае прасвятленне магчымае праз любоў і красу, дадзеных чалавеку ў пачуццях, у адчуваннях. На мой погляд, гэта квінтэсенцыя ўсёй творчасці паэта. Я пісаў пра гэта, спрабаваў даць сваю інтэрпрэтацыю яго творчасці ў сваіх навуковых даследаваннях. Наколькі мне гэта ўдалося, меркаваць маім чытачам. Мая найвялікшая мара – напісаць кнігу пра гэтага незвычайнага паэта, які – да болю крыўдна! – пайшоў з жыцця ў няпоўныя 26 гадоў – у самым росквіце свайго таленту. Да месца будзе сказаць, што з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння М.Багдановіча я напісаў верш-дыпціх “Зорна-васільковы ўспамін”, з ім удзельнічаў у конкурсе, які праводзіў Саюз пісьменнікаў, нават, помніцца, атрымаў нейкае прызавое месца.

 

 

 

 

 Валерый Аляксандравіч  Максімовіч чытае свой верш

 

 

У.А.: Раскажыце, калі ласка, пра Вашы першыя надрукаваныя вершы?

 

В.М.: Першы мой верш на рускай мове быў надрукаваны ў газеце “Інтэграл” 3 лістапада 1983 года. У той час я працаваў слесарам-інструментальшчыкам на аднайменным вытворчым аб’яднанні. Між іншым, заключныя яго радкі гучаць так:

 

И, конечно, совсем не напрасны

Смех – из сердца, а слёзы – из глаз.

Жить на свете всегда прекрасно,

Если что-то прекрасно в нас.

 

            Сваё жыццёвае крэда, як бачна, я сфармуляваў яшчэ ў далёкай маладосці і стараюся кіравацца ім да гэтага часу.

            Першы беларускамоўны верш “Паэты” з’явіўся ў друку 21 снежня 1989 года ў газеце “Беларускі універсітэт”, калі я быў аспірантам 1 курса. З гэтага часу, што праўда, з галавой акунуўся ў навуку. Хутка абараніў кандыдацкую, а пазней і доктарскую дысертацыі. Хоць, шчыра прызнаюся, мая жыццёвая сцяжына ніколі не была ўсцелена кветкамі-ружамі. Усё дасягалася дзякуючы крапатлівай працы, настойлівасці, мэтаімкнёнасці. Давялося перажыць шмат прыемных часін, але і невясёлых, засмучальных таксама хапала і хапае.

 

            У.А.: Ці памятаеце Вы сваіх школьных настаўнікаў? Што можаце распавесці пра іх?

 

В.М.: Сапраўды, час ляціць хутка. Усё мінаецца. Але застаюцца ў памяці светлыя падзеі і абліччы, якія не змагла паглынуць смуга часу. Нізкі паклон і шчырая ўдзячнасць людзям, якія ў мяне верылі, давалі першыя ўрокі жыцця, падтрымлівалі, спагадалі. Ніколі не забуду сваю першую настаўніцу Касачову Таццяну Канстанцінаўну, якая была для мяне як родная маці. Хацеў яе адшукаць, але, як аказалася, у Беларусі яна не пражывае. Быў бы невыказна рады сустрэчы з ёй. Карыстаючыся магчымасцю, хацеў бы выказаць глыбокую ўдзячнасць маім колішнім школьным настаўнікам Самойлавай Алене Макараўне (класнаму кіраўніку), Саковічу Уладзіміру Паўлавічу, Заяц Тамары Фёдараўне, Зінкевіч Марыі Іванаўне, Альшэўскай Валянціне Міхайлаўне, Вайніцкай Галіне Віктараўне, Камашэнкавай Таццяне Іванаўне, Палтарачанцы Аляксандры Міхайлаўне. Дай вам Бог, добрыя і мудрыя мае настаўнікі, моцнага здароўя, шчасця, незгасальнай веры ў разумнае, добрае, вечнае.

 

 

 

 У цэнтры - першая настаўніца Таццяна Канстанцінаўна Касачова, а злева ад яе сядзіць маленькі Валерый Аляксандравіч Максімовіч (тады яшчэ - вучань першага класа). У другім радзе, першая справа - Саковіч (Максімовіч) Таісія Аляксандраўна - родная сястра Валерыя Максімовіча.

 

 

У.А.: Якія творчыя падзеі ў апошнія гады пакінулі прыемныя успаміны?

 

         В.М.: У 2006 годзе мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У 2008 – 2009 гг. шэраг рэспубліканскіх выданняў (“ЛіМ”, “Полымя”, “Маладосць”, “Неман”) змясцілі на сваіх старонках падборкі маіх вершаў. Адбылася мая творчая вечарына ў літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Тэксты чытаў акцёр і рэжысёр беларускага радыё Алег Вінярскі. Песні на мае словы выконваў саліст ансамбля “Песняры” Алег Жалезнякоў. Прыемна было пачуць у свой адрас шмат прыязных, добрых слоў ад блізкіх, сяброў і проста добрых людзей. Эмоцыі перапаўнялі мяне. Для любога творцы гэта найвышэйшая і найдаражэйшая ўзнагарода. Такія сустрэчы запамінаюцца надоўга.

Нядаўна выйшаў новы дыск “Песняроў” “Вольнаму – воля”. У ім знайшлося месца і для адной з маіх песень з назвай “Спявай, душа мая”. Музыку напісаў мастацкі кіраўнік ансамбля Вячаслаў Шарапаў, спявае Валерый Скаражонак. Цешу сябе надзеяй, што калі-небудзь дачакаюся выхаду дыска на свае словы. Супрацоўніцтва з “Песнярамі” – прызнанымі майстрамі беларускага прафесійнага песеннага мастацтва – для мяне вялікі гонар і адказнасць. Дзякуй майму харошаму сябру Славу Шарапаву, які так высока ацаніў мае сціплыя спробы пяра ў песеннай паэзіі.

 

У.А.: Па роду сваёй дзейнасці Вам, несумненна, часта даводзіцца сустракацца з вядомымі людзьмі? Якая з апошніх сустрэч пакінула найбольшае ўражанне?

 

В.М.: Мне пашчасціла нядаўна сустрэцца з Міністрам культуры П.П.Латушкам, у размове з якім я выказаў пажаданне падтрымаць беларускую песню, не абыходзіць увагай тых, хто стварае высокае мастацтва, працуе на фарміраванне прэзентатыўнага іміджу краіны. Было прыемна ўбачыць у новым міністры чалавека інтэлігентнага, па-еўрапейску адукаванага, эрудыраванага, кампетэнтнага, рашуча настроенага надаць новы імпульс культурнаму жыццю ў краіне. Ужо зараз назіраюцца заўважныя змены да лепшага ў адказнай галіне культуратворчасці.  Упэўнены, што пад кіраўніцтвам Паўла Паўлавіча культура зойме належнае месца ў грамадстве і дзяржаве. Трэба зрабіць усё, каб і наша родная песня гучала часцей, бо гэта магутны фактар згуртаванасці, адчування адзінакрэўнасці, адзінай сям’і. Пра гэта варта не забываць.

 

У.А.: Якія творчыя планы Вы выношваеце? Здзяйснення якіх творчых падзей чакаеце ў бліжэйшы час?

 

 В.М.: Пра свае планы шмат казаць не выпадае. Львіную долю часу забірае праца ў інстытуце, вырашэнне розных арганізацыйных пытанняў. Навука таксама патрабуе да сябе ўвагі. Разам з калегамі падрыхтаваў беларускі том з серыі “Класіка літаратур СНД”, які нядаўна выйшаў у Маскве і атрымаў станоўчыя водгукі. У складзе навуковага калектыву прыняў удзел у напісанні падручніка па беларускай літаратуры для 10 класа, за што атрымаў грамату ад Міністра адукацыі. Прыемна ўсведамляць, што па ім будзе вучыцца і мой сын. Здаў у выдавецтва паэтычны зборнік пад назвай “Мяцежнай споведзі скрыжалі”. Не ведаю, ці паспрыяе мне фартуна, але выхаду сваёй першай паэтычнай кнігі буду чакаць з нецярпеннем.

У лістападзе планую правесці сваю творчую вечарыну са сваімі землякамі ў СШ №2 г.п.Плешчаніцы, на якую сардэчна запрашаю сваіх настаўнікаў, сяброў, аднакласнікаў і ўсіх добрых людзей.

 

У.А.: Што значыць для Вас малая Радзіма?

 

В.М.: Так лёсам наканавана, што мы ўсе – рана ці позна – вяртаемся да сваіх вытокаў, да таго непаўторнага, роднага, замілаванага, з чаго пачыналася сцяжына ў вялікі свет. На шчасце, я ніколі не парываў сувязі са сваёй малой радзімай. Заўсёды з невыказным хваляваннем і радасцю наведваю сваю бацькоўскую хату ў вёсцы Траянец, свой родны Плешчаніцкі край. Тут мае карані, адсюль я бяру натхненне для творчасці, набіраюся фізічнай і духоўнай моцы. Родная зямля – надзейны мой абярог ад рознай непагадзі, рознага наслання.

 

У.А.: Ці маглі б Вы адмыслова напісаць нейкі верш для чытачоў раённай газеты “Родны Край”, якую чытаюць Вашы землякі?

 

В.М.: Чытачам “Роднага краю” хачу падарыць свой нядаўна напісаны верш, які я акурат прысвяціў сваёй малой радзіме. Верш друкуецца ўпершыню.

                                                 

СЦЕЖКІ-ДАРОЖКІ

Разбягаюцца, сцеляцца сцежкі-дарожкі,

Пазначаюць сабою зямлі рубяжы.

Толькі, як у дзяцінстве, сінеюць валошкі

У красуючым жыце, ля ўтравелай мяжы.

 

Поўдзень хутка мінуў. Не паспеў азірнуцца,

Як даўжэзным стаў цень за маёю спіной.

Толькі мне да былога, на жаль, не вярнуцца

Ні світальнай і ні вечаровай парой.

 

Ды выходжу штодня на сваю я сцяжыну

І паклон аддаю прывітальны жыццю.

І, здаецца, плыву над зямлёй аблачынай,

Як раней, улюбёны у гэту зямлю.

 

І якія б ні дзьмулі вятры і завеі,

Да апошняй сваёй развітальнай вярсты

Я з табой застануся надоўга – навекі,

Краю мой запаветны, мой краю святы!

 

А пакуль не звяліся у жыце валошкі

І цвітуць па-ранейшаму кветкі ля хат,

Вы вядзіце мяне, мае сцежкі-дарожкі,

Да маіх шумнаспеўных зялёных прысад.

 

Верш напісаны 7.10.2009

 

Фотаздымкі прадаставіў Валерый Максімовіч

Гутарку вёў У. Акуліч,

Плешчаніцы.by

 

 

Папярэднія публікацыі па тэме:

 

Песня пра Плешчаніцкі край увайшла ў новы альбом ансамбля “Песняры”

 

Максимович Валерий Александрович (род. 21.03.1962), поэт, литературовед, доктор филологических наук, заместитель директора Института языка и литературы имени Якуба Коласа и Янки Купала НАН Беларуси, родился в деревне Троянец

 

Вершы Валерыя Максімовіча

 

Песні на словы Валерыя Максімовіча

 

Інтэрв’ю Валерыя Максімовіча

 

Выказванні пра творчасць Валерыя Максімовіча

 

Фотаздымкі з імпрэзы кнігі “Нацыянальны космас класікі”